Валера. Наш арганізатар-актывіст!

13 сентября 2015 г. 22:30:55

Наш арганізатар-актывіст!

1) Раскажы крыху пра сябе

Клічуць мяне Валерам. Я - інжынер-радыёэлектронік і раварыст з немалым стажам. Я люблю чытаць кніжулі, слухаць і іграць музыку, цікаўлюся фатаграфаваннем і здымаю сам, а таксама антэны, ЗВЧ-узмацняльнікі, ровары і шмат чаго яшчэ.

Кристи

2) Калі ты далучыўся да праекта і чым займаешся ў ім?

Цяжка дакладна вызначыць момант, з якога мяне можна лічыць "у праекце". У мінулым лістападзе я выпадкова сустрэў Кірыла, які распавёў мне пра ідэю бясплатнага велапраката для горада. Я адразу зразумеў, што ідэя файная, і я ўсяляк павінен яе падтрымаць справай, таму, напэўна, з таго моманту мяне можна лічыць уздельнікам.

Так склалася, што шмат часу мне давялося рабіць свой унёсак завочна, на адлегласці, бо я надога трапіў за мяжу ў Кітай. Адсюль і мае асноўныя задачы: спачатку я займаўся ўладкоўваннем груп у сацыяльных сетках, напаўненнем іх тэматычнымі матэрыяламі, навінамі. Пазней крыху дапамагаў з кантэнтам для вэб-старонкі "Добрага Ровара". З таго часу, як праект пачаў працаваць, я адказваю за актывацыю рахункаў новых карыстальнікаў і дапамагаю ім у тых выпадках, калі яны маюць праблемы з доступам да сайту.

Я не абмяжоўваюся толькі гэтым, таксама імкнуся час ад часу дапамагчы ў іншых арганізацыйных справах.

3) Што для цябе з'яўляецца лёгкай справай, а што больш складанай??

Легкія-складаныя, а ўсе задачы, звязаныя з "Добрым Роварам" па азначэнні прыемныя ў той ці іншай ступені, бо справа і добрая, і з роварамі звязаная. Прыемна, што людзям падабаецца праект, і шмат хто неабыякавы падтрымлівае яго і словам, і справай.

У праекце хапае праблем, і часам паўстаюць даволі вострыя пытанні. Але, як я лічу, галоўная непрыемнасць - гэта тое, што часта бракуе вольнага часу, які можна было б выдаткаваць на карысць праекта. Я, на жаль, пакуль толькі мару, каб такога кшталту праект быў асноўным маім заняткам і месцам працы, але да гэтага тым не менш варта імкнуцца.